Алоха Андэрдога

Жыцьцё часам суцэльны мем. У пачатковай школе настаўніца матэматыкі казала што зь мяне выйшаў бы някепскі настаўнік матэматыкі. Праз пару год Валянціна Ільінішна што калісьці выкладала фізыку маёй маці, а цяпер і мне, ў раённай школе на Трактарным расказала мне пра Закон Ньютана. Чамусьці той закон даўся мне лёгка, адна магчымасьць учапілася за іншую, і праз 10 гадоў я пайшоў у асьпірантуру фізыкам і стаў падумваць што можна быць навукоўцам прафесійна. Праз яшчэ 10 гадоў я выкладаю той самы Закон Ньютана асьпірантам-інжынерам ва Ўніверсітэце Гаваяў у Ганалулу. То літаральна іншы бок плянэты, 13 часавых паясоў розьніцы з Трактарным.

Гаваі - гэта далёка. Не толькі ад цябе, чытач, але адусюль. Мясцовы музэй у сваёй секцыі фізычнай геаграфіі паказвае мапу з канцэнтрычнымі кругамі рознага радыюса: колькі часу адсюль ідзе хваля па вадзе да розных кантынентаў, ці колькі гадзін ляціць самалёт. Да суседняй выспы ляцець паўгадзіны. Да кантынента (якога заўгод) 5+. Кніжкі з Варшавы даходзяць за 10-14 дзён. Цунамі з Камчаткі за 6 гадзін.

Хіпстарская кавярня Tierra Garat у горадзе Мехіка ў сваім слогане паведамляе што México es café y chocolate. І тут прыкладна гэтак жа - кава і шакаляд, зь вялікай дасканаласьцю, вялікімі зарплатамі, і адпаведна вялікімі коштамі. Кава са знакамітага рэгіёна Коны някепская але ўсе канкурэнты нашмат таньней. На адной ферме дзеля забавы даюць самому пасмажыць зерне на патэльні на адкрытым агні, "па-каўбойску". Каўбояў сюды завезлі зь Мексікі калі гавайскаму каралю падарылі кароў і канёў, а гадаваць іх не навучылі. Каўбояў цяпер завуць паніоло (~español).

Для тых хто думае што Самы Лепшы Шакаляд у Сьвеце (тм) паходзіць зь нейкай Бельгіі, вельмі простае пытаньне - "адкуль какава?". Я называю гэтае пытаньне Бельгійскай Чакаляднай Крытыкай, шмат у жыцьці дапамагае ("адкуль трэніровачныя дадзеныя ў вашае ЛЛМ?"). А калі сачыць за лягістычным ланцужком, то какава з розных фермаў сапраўды мае розны смак, без аніякіх дадаткаў. Малако той смак забівае, але вось цукар, наадварот, разкрывае, адтуль і стандартная прапорцыя 70% какавы на 30% цукру. Да бліжэйшай какава-плянтацыі ехаць 20 хвілін. Яблыкі і трускаўкі заморскія, а папайі і маракуйі і пітайі зь бліжэйшае фермы.

Як вядома, палінэзійская тэхналёгія навігацыі акіянаў была наперадзе эўрапейскай на пару соцень гадоў. Палінэзійцы засялілі Гавайскія выспы прыкладна ў тыя ж часы, што й вікінгі прыехалі ў Вінланд у Паўночнай Амерыцы, толькі ж гавайцы засталіся надоўга. Першыя перасяленцы бралі з сабой вельмі трывалы трысьнёг, добрую крыніцу цукру і вітамінаў у шматмесячных акіянічных падарожжах. Тыя спрадвечныя гатункі трысьнёгу датэгуль існуюць на выспах і адрозьніваюцца ад карыбскіх гатункаў, якія амерыканцы завязлі разам з ананасамі падчас калянізацыі Гаваяў. Уласна дзеля плантацый, так жа як і на карыбскіх выспах, Гаваі і былі калянізаваныя і анэксаваныя ў ЗША. Але палінэзійскі трысьнёг трывае. Ром агрыкольнага стылю, з цэльнага трысьнёгавага соку а не толькі мэлясы - гэта любоў. Мой улюблёны мясцовы брэнд рому так і завецца - Ko Hana.

Часткі Гаваяў што найбольш прывабліваюць турыстаў падобныя на Дыснэйлэнд. Чэргі, міжнародна-стандартныя рэстараны, пляжы, дарагія гатэлі, выступы жанчын у травяных спадніцах і іншая атрыбутыка танцаў на касьцях. Ад гавайскай мовы ў публічным ужываньні засталіся "алоха" (вітаю/да пабачэньня) і "махало" (дзякую), за іншыя словы гавайскіх школьнікаў раней у школах лупілі. На поўначы выспы мармоны трымаюць цэнтр палінэзійскай культуры, дзе за пару баксаў сапраўдны дзядзька з Тонга залезе на пальму дастаць табе сьвежы какос. Калі падумаць пра Гаваі з кропкі гледжаньня карэнных гавайцаў, атрымліваецца прыкладна "Поедем поедим".

Гаваі месца вайсковае. Проста ў ліфце сустракаюцца людзі, што вяртаюцца з працы ў ваеннай уніформе - не толькі ўласна амерыканскай але і стратэгічных не-НАТАўскіх хаўрусьнікаў. Над галавой лятаюць-практыкуюцца рэактыўныя зьнішчальнікі. Убер мае спецыяльную опцыю, якая дазваляе замаўляць паездку на ваенныя базы. Бункер у якім працаваў калісьці Эдвард Сноўдэн таксама недзе тут пад гарой. Ветэраны што звольніліся часам тут і застаюцца працаваць - сантэхнікамі, бармэнамі, таксістамі, піваварамі, і раварыстамі. Цераз цяперашніх і былых вайсковых добры аэрапорт - ляцець доўга, але зручна.

Адсюль часам сьмешна чытаць дэбаты пра "эўрапейскія каштоўнасьці" як хіба не адзіную крыніцу рацыянальнасьці ў сьвеце. Найчасьцейшае нагадваньне эўрапейскай культуры - прашута і хамон на развес у супермаркеце. Там дзе на другім паверсе Дольчэ-Габана. Калі гавайцаў разагналі, вайсковыя трымаюцца самі сябе, а Эўропа далёка, то што застаецца? Ганалулу - зона японскага культурнага ўплыву. Для белага чалавека Ганалулу - гэта крышачку Азія лайт лайт (Азія аднаго лайта ў Сінгапуры). Нібыта ўсе разумеюць ангельскай, але шмат подпісаў і акцэнтаў паўсюль японскіх. І выдатная японская ежа: сушы, катцу, якіторы, саке, санторы токі хайболу, рамэн, соба, тэмпура. Як у Японіі, толькі ўтрая даражэй.

Тут вельмі любяць здымаць кіно пра джунглі. На паўночным беразе цэлае ранча дзе рабілі Jurassic Park. Недзе побач былі ўсе сезоны Lost. На суседняй выспе Каўаі здымалі Tropic Thunder. Умоўная ціхаакіянская трапічная выспа ўмоўнай відэагульні з ўмоўнымі зарослымі бункерамі часоў Другой Сусьветнай - тут жа. Гэтыя выявы я пабачыў у юнацтве яшчэ зь Беларусі, дзе ніколі не трэба было сур'ёзна думаць пра Гаваі. Проста нейкая кропачка ўсярэдзіне бязьмежнага Ціхага Акіяну. Проста крыніца алохі.

Прайшло паўгады ад першых радкоў гэтага допісу. Я думаў тут будзе сіквел да пастдок-блюзу. Прафесарства мне пакуль што нібыта ўдаецца, нават грант далі. Калі засядзецца на Гаваях, то можа распачацца на душы выспавая ліхаманка. У 2020м мы сядзелі ў каранціне, і дах ехаў ад бясконцых і безвылазных тыдняў і месяцаў у адным доме. Тое самае бывае і ад выспы, цягне на нейкі сапраўдны кантынент. Але трысьнёг трывае.

Next
Next

Tolkien of Dataviz